Хто такія ўцекачы?

07.12.2016

У ліпені гэтага года на мяжы Беларусі з Польшчай абвастрылася сітуацыя з уцекачамі. Цяпер па неафіцыйных дадзеных у Берасці да 2 тысяч чалавек чакаюць адпаведнага міжнародным дамовам атрымання статусу ўцекача, а па факце атрымліваюць штампы ў пашпарты пра адмову ва ўездзе ў Польшчу. І ў дадатак – сацыяльныя дыскрымінуючыя штампы з боку грамадства. Спрабуем без забабонаў разабрацца, што з гэтым не так.

Хто такія ўцекачы?

Δ Паводле вызначэння, замацаванага Канвенцыяй ААН, уцякач – гэта асоба, якая «праз цалкам абгрунтаваныя боязі зрабіцца ахвярай пераследаў па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да вызначанай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронай гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны такіх боязяў; ці, не маючы вызначанага грамадзянства і знаходзячыся па-за краінай свайго ранейшага звычайнага месцажыхарства, не можа ці не жадае вярнуцца ў яе з прычыны такіх боязяў».

Δ Хоць гэткі панятак выкарыстоўваецца на міжнародным узроўні ў дамовах і дакументах, у паўсядзённым жыцці ён працягвае ўжывацца ў няправільным сэнсе. Напрыклад, у медыя тэрмінам «уцякач» часта называюць эканамічных мігрантаў, людзей, якія перасяліліся праз эканамічныя прычыны. Такая блытаніна толькі спрыяе штампаванню людзей ужо і так загнаных у кут жыццёвымі абставінамі.

Дапамагаць уцекачам – сумнеўна, бо ў Чачні вайны няма. Якія тады яны ўцекачы? Палякі маюць рацыю, што не пускаюць іх.

Δ Так, цяпер вайны ў Чачні насамрэч няма. Аднак гэта не робіць спробы чачэнскіх уцекачоў атрымаць прытулак у Польшчы незаконнымі ці неабгрунтаванымі.

Δ  Як мы бачым з Канвенцыі, наяўнасць ваенных дзеянняў – не адзіны і не абавязковы крытэр, па якім даецца статус уцекача. Акрамя таго, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, Міжнародным пактам пра статус уцекачоў, Канвенцыяй пра статус уцекачоў, Дырэктывай Савета Еўрапейскага Звязу 2005/85/EЗ ад 1 снежня 2005, якія падпісала ў тым ліку і Польшча, існуюць мінімальныя стандарты працэдураў, якія дзяржавы-чальцы павінны выконваць падчас прадастаўлення і адмены статусу ўцекача.

Δ На польскай мяжы чачэнскіх уцекачоў як мінімум павінны выслухаць, прыняць і пачаць правяраць абставіны і факты іх прыбыцця ў Польшчу. І ўжо па выніках мусяць вырашыць: прадастаўляць статус уцекача ці адмаўляць у ім.

Δ Насамрэч цяпер адбываецца так: працэдура не толькі не распачынаецца – чачэнцаў нават не выслухоўваюць. Замест гэтага ім ставяць штамп у пашпарце пра адмову ва ўездзе ў сувязі з адсутнасцю візы і адпраўляюць назад. На мяжы пануе атмасфера насміхальніцтва і непрыхаванага грэбавання з боку польскіх памежнікаў. Юрыдычна яны дзейнічаюць неабгрунтавана.

Той, хто жадае, становіцца паспяховым дома нават у неспрыяльных умовах, а дармоўнікі рвуцца атрымаць нябеднае жыццё за кошт іншых. Яны – эканамічныя мігранты, якія нахабным шляхам лезуць на шыю працавітаму насельніцтву. Ім проста хочацца у Еўропу.

Δ Гэта тыповая падмена паняткаў. Уцекачы і эканамічныя мігранты – розныя выпадкі. Людзі на мяжы ў Берасці просяць прытулку ў сувязі з палітычнымі пераследамі і катаваннямі, якія над імі чынілі ў Чачні. Адзінае іх жаданне – жыць без страху за сябе і сваіх дзяцей. Звычка бачыць ва ўсіх, хто просіць прытулку, адно эканамічных мігрантаў толькі ўзмацняе грамадскую непрыязь. Канешне, нельга выключаць, што «пад шумок» у Еўропу будуць спрабаваць трапіць і яны. Аднак для гэтага і існуе працэдура, па якой людзі, што просяць прытулку, пражываюць у лагеры для ўцекачоў на тэрыторыі прымаючай дзяржавы, пакуль праводзіцца праверка доказаў і прымаецца рашэнне. На гэтым этапе і можна выявіць эканамічных мігрантаў.

Δ Звычка бачыць ва ўсіх, хто просіць прытулку, адно эканамічных мігрантаў толькі ўзмацняе грамадскую непрыязь. Канешне, нельга выключаць, што «пад шумок» у Еўропу будуць спрабаваць трапіць і яны. Аднак для гэтага і існуе працэдура, па якой людзі, што просяць прытулку, пражываюць у лагеры для ўцекачоў на тэрыторыі прымаючай дзяржавы, пакуль праводзіцца праверка доказаў і прымаецца рашэнне. На гэтым этапе і можна выявіць эканамічных мігрантаў.

Чаму іх павінны кудысьці проста так пускаць? Няхай атрымліваюць працоўную Шэнгенскую візу і едуць без праблемаў!

Δ Гэта лагічны тупік. Тыя, хто зазнаў пераслед у сваёй краіне, звярнуўшыся ў амбасаду па візу, рызыкуе быць заўважаным дзяржаўнымі ўстановамі Чачні і нарвацца на «асаблівую» ўвагу з боку ўладаў, у тым ліку на допыты, ператрусы, катаванні, знікненне сваякоў.

Я з цяжкасцю ўяўляю сабе, што сапраўдны ўцякач можа быць у выдатным скураным абутку з айфонам у руках. Падтрымліваць варта тых, хто мае патрэбу, тых, у каго сапраўды складанае становішча.

Δ Мы прызвычаіліся ўяўляць уцекачоў як людзей выключна бедных, гаротных, выгнаных вайной са сваіх краін. Аднак не толькі вайна спрыяе іх з'яўленню. Гэтак жа ўцекачом можа стаць кожны(-ая), незалежна ад прыбытку і сацыяльнага становішча. Не мае значэння колькасць машын, наяўнасць свайго бізнэсу і прыгожага дома. Як мы ведаем, даволі паспяховыя людзі таксама падпадаюць пад пераслед і катаванні.

Чаму праз Польшчу, а не Літву, напрыклад?

Δ Справа ў тым, што едуць праз Польшу, бо там ёсць праграма, якая прадугледжвае іх часовае знаходжанне на тэрыторыі з наступнай рэлакацыяй у Германію, у Польшчы мала хто застаецца. З Літвы так не атрымаецца.

Гэтыя чачэнцы – баевікі, тэрарысты і ісламісты, якія адмаўляюцца інтэгравацца і паважаць законы каталіцкай краіны. Навошта Польшчы павялічваць колькасць людзей з культурай гвалту?

Δ Па сутнасці, гэтыя людзі ўцякаюць ад пераследу, катаванняў, баевікоў і тэрарыстаў. А калі яны апынаюцца каля межаў Еўразвязу, іх атаясамліваюць з іх жа пераследнікамі. Ці будуць людзі, якія бягуць ад гвалту, укараняць яго самі?

Δ Найперш уцекачы – гэта тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, у якой не хацеў апынуцца. Многія з іх – сталыя, нават старыя людзі – мусяць кідаць усё і пачынаць уладкоўваць сваё жыццё наноў. Ганарлівыя па сваім менталітэце, цяпер яны залежаць толькі ад дапамогі іншых, жывуць на здымных кватэрах і вакзале. Усей сям’ёй з маленькімі дзецьмі некалькі разоў на тыдзень яны сядаюць у цягнік, які ідзе з Берасця на Польшчу, у надзеі атрымаць сховішча, а замест гэтага атрымліваюць толькі чарговы штамп у пашпарт, дзе сканчаюцца вольныя старонкі.

Чаму яны проста не могуць перасяліцца ў іншую частку Расійскай Федэрацыі ці застацца ў Беларусі? Яны проста хочуць у Еўропу!

Δ Уцекачы спазнаюць пераслед па ўсёй тэрыторыі РФ. Гэтаксама ім пагражае небяспека і ў Беларусі, таму што мяжа досыць умоўная для яе перасячэння. Такія абставіны спрашчаюць пераслед людзей з Чачні. Кадыраў уласна заявіў, што накіроўваў сваіх людзей у Берасце «высвятляць сітуацыю».

Карысныя спасылкі:

Δ наш рэпорт, калі усё толькі пачыналася 

Δ апошні рэпорт з Берасця і рэальныя гісторыі людзей, якія ўцяклі

Δ праваабарончая арганізацыя Human Constanta, місія якой – дапамагаць уцекачам у Берасці