«У Чачні няма месца для мяне».
Тысячы ўцекачоў працягваюць зьбірацца ў Берасьці
Svaboda.org, Антон Трафімовіч. Фота: Радыё Свабода. Дызайн і распрацоўка: Pangea Design.
«Чачня — найцудоўнейшая краіна! У нас такая прырода! А вы бачылі Грозны? Проста ачмуральны горад. Заўсёды ў суботу і нядзелю ходзім зь дзецьмі на народныя гуляньні». Роза ўчора прыехала з Чачні ў Берасьце. Яна захоплена расказвае пра сваю радзіму ў цяперашнім часе. Ажно да пытаньня, чаму яна цяпер наймае цесную кватэру каля вакзалу ў Берасьці. Што гоніць сотні чачэнскіх сем’яў з гасьціннага Каўказу? Свабода зьезьдзіла да іх у Берасьце.
У агульных рысах – усё хранова ў нас. У Бярэсьці цудоўна, у Чачні – не.
Лютаўскі вечар на берасьцейскім чыгуначным вакзале. Барадатых мужчын і жанчын у хустках тут амаль няма. Зусім ня так, як было яшчэ ў жніўні і верасьні. Пакуль стаяла цёплае надвор'е, тут начавалі да сотні людзей.
«На вакзале цяпер холадна спаць, — кампанія з паўтузіна чачэнскіх маладзёнаў ахвотна ўступае ў размову. — Дзеці ў некаторых хварэлі, дык людзі ўжо кватэры наймаюць».
Зімой чачэнцаў у Берасьці заўважна меней, чым летам
Адзін з мужчын, які прадстаўляецца Саідам, пазнае журналістаў. Ён быў у Берасьці 31 жніўня, калі чачэнцы ладзілі пратэст на беларуска-польскай мяжы. Каб не атрымаць штраф за перавышаны тэрмін знаходжаньня ў Беларусі, ён зьяжджаў адсюль і толькі нядаўна вярнуўся.
«Ну што сказаць вам? — кажа Саід. — Нічога не зьмянілася. У агульных рысах — усё хранова. На радзіме ў нас праблемы. У Берасьці — усё цудоўна. У Тарэспаль не пускаюць. Усё як і было».
Штодня яны маюць нязьменны расклад. 8:04 — ад’езд цягніка ў польскі Тарэспаль, 13:46 — вяртаньне цягніка ў Берасьце. Потым плацяць грошы за кватэру яшчэ за адзін дзень — і чакаюць наступнай раніцы. Рэчы не распакоўваюць, ежу купляюць, каб хапіла толькі на адзін абед, вячэру і сьняданак.
Вакзал — месца сустрэчы чачэнскіх уцекачоў. Сюды каля 19-й гадзіны прыходзяць мужчыны — абмяняць грошы ці атрымаць перавод праз Western Union. Але большасьць прыходзіць проста сустрэцца са сваімі. Як па раскладзе, а 22-й гадзіне яны разыходзяцца.
«Мы тут зьбіраемся проста так, каб пабачыцца, — кажа 40-гадовы Саід. — Забаваў дазволіць сабе ніхто ня можа, дык хоць бы пагаварыць».
У залі чаканьня дзяжурыць некалькі міліцыянтаў. Але цягам гадзіны да чачэнцаў ніхто не падыходзіць. Што праблемаў з уцекачамі няма, Свабодзе кажуць у адміністрацыі вакзалу. Правапарушэньні сярод іх здараюцца рэдка, і ахова тут праходзіць у штатным рэжыме.
А мы не плянуем ехаць назад. Зараз усё пытайце
7:30 раніцы наступнага дня. Пачынаецца рэгістрацыя на цягнік. Тарэспаль-Берасьце — напэўна, самы кароткі міжнародны рэйс: 18 хвілін. Адлегласьць паміж беларускім і польскім вакзаламі — 5 кілямэтраў. Але цягнік лічыцца міжнародным, і таму квіток каштуе 4 эўра ў адзін бок (кошт вызначаецца менавіта ў валюце. — РС). Столькі ж, напрыклад, каштуе квіток ад Берасьця да Менску цягніком бізнэс-клясы.
Цягнік адпраўляецца а 8:04, калі на дварэ яшчэ цёмна
Летам 2016-га ранішні цягнік да Тарэспаля складаўся зь дзесяці вагонаў. Сярод іх было восем «чачэнскіх». У лютым 2017-га іх толькі два. Беларусам ды іншым пасажырам з шэнгенскімі візамі прадаюць квіткі ў асобныя вагоны. Дзьверы паміж імі замыкаюць на ключ. Таму, каб трапіць у вагон з уцекачамі, даводзіцца прасіць чачэнцаў набыць квіткі.
«Мяне не фатаграфуйце! — адразу папярэджваюць дарослыя. — А дзяцей можаце. Яны растуць, і хутка іх ужо будзе не пазнаць».
Адна дзяўчынка не выпускае з рук вялікае плюшавае медзьведзяня. Яна абдымаецца з цацкай ад часу, як сям’я пакінула Чачню. Роза, ейная маці, адразу пагаджаецца на інтэрвію.
«Мы не плянуем ехаць назад. Зараз усё пытайце».
Разам з чатырма дзецьмі Роза ехала машынай з Грознага амаль двое сутак. У дарогу яна ўзяла падручнікі. Дзеці вучацца, заданьні атрымліваюць праз інтэрнэт.
«Беларусы, выходзім!» — абрывае правадніца кароткае інтэрвію. Чачэнцы просяць, каб «беларусы» засталіся і пабачылі, як палякі «не па-людзку» ставяцца да іх. Але заставацца нельга. Усе «візавыя» мусяць выйсьці.
З сотні ўцекачоў прымаюць звычайна дзьве сям'і
Цягам пяці гадзінаў чачэнцы праходзяць гутаркі на вакзале, пішуць заявы на "азыль" — статус уцекача. Са ста чалавек, якія прыяжджаюць штодня ў Тарэспаль, палякі прымаюць звычайна дзьве сям’і.
Пасьля гутаркі ўцекачы вяртаюцца ў той самы цягнік, якім прыехалі раніцай. Сярод іх і Роза зь дзецьмі. Яе разьлік на пераход мяжы зь першага разу ня спраўдзіўся.
«Алах паслаў нас, каб мы пабачылі, што гэта такое. Значыць, заўтра пройдзем», — кажа яна.
Па вяртаньні Розу сустракае гаспадыня найманай кватэры. Цяпер уцекачоў у Берасьці ў разы меней, таму арандадаўцы дбаюць аб кожнай сям’і.
Кошт найманьня для ўцекачоў — ад 10 даляраў за пакой да 20 за кватэру. Летам кошты былі да 30–35 даляраў. Усе жыльлё, што яны наймаюць, — паблізу вакзалу. Каб раніцай можна было дайсьці пешкі з усімі рэчамі.
Пяць хвілін ходу — і Роза зь дзецьмі ў кватэры. Гаспадыня падпісвае зь ёй дамову на адзін дзень і сыходзіць з грашыма. За тры дні дарогі з Грознага да Берасьця сям’я нарэшце можа расслабіцца. Прынамсі да заўтрашняй раніцы — чарговага цягніка да Тарэспаля.
Можна, я ня буду адказваць на гэтае пытаньне?
Грозны — Берасьце — гэта ўжо рэгулярны маршрут для чачэнскіх таксістаў. За 2,5 тысячы кілямэтраў у адзін бок яны бяруць 10 тысяч расейскіх рублёў з чалавека (170 даляраў). Усёй сям’і паездка каштавала 840 даляраў.
Па рэчах бачна, што Роза ня зь беднай сям’і. Старэйшыя дзеці маюць па ўласным ноўтбуку, бяздротавыя навушнікі «Beats» — гэта мінімум 300 даляраў за пару.
Першы абед у Берасьці
«Мне сваякі ўжо даўно раілі зьехаць. Але ў мяне былі фактары, якія стрымлівалі. Цяпер я вырашыла, што будучыня дзяцей даражэйшая за ўсё астатняе. Дома я ня бачу будучыні для іх».
Роза сабралася ў апошні момант. Папярэдзіла толькі сваякоў. Настаўнікі ня ведаюць, што дзеці ня прыйдуць у школу. Каб не адрываць іх ад вучобы, варта было б паспрабаваць прыехаць у Берасьце летам. Але Роза хацела, каб дзеці адпачылі на вакацыях.
«Чачня — найцудоўнейшая краіна! У нас такая прырода! Турызм у нас вельмі разьвіты. Па горадзе ідзеш, сустракаеш ня толькі расейскіх турыстаў, але і замежных».
Сям’я жыве ў Грозным. Гэта ўжо не разбураны вайной горад, якім ён быў да пачатку 2000-х, а сучасная сталіца. Нядаўна ў ім адкрылі 300-мэтровы фантан з падсьвятленьнем. Ён большы, чым у Дубаі.
«А вы бачылі Грозны? Проста ачмуральны горад. Я вось зь дзецьмі не любіла прапускаць суботу і нядзелю. У гэты час адкрываецца праспэкт, і там пачынаюцца народныя гуляньні».
Калі там усё так цудоўна, чаму тады Роза зь дзецьмі кінулі ўсё ды падаліся на беларуска-польскую мяжу?
«Можна, я ня буду адказваць на гэтае пытаньне?», — кажа яна.
Як і іншыя чачэнскія ўцекачы, сям’я Розы ўліваецца ў берасьцейскія будні. Гэта памежны стан, калі мінулае згадваць ня хочацца, а плянаваць будучыню больш як на дзень няма сэнсу.
Я паверыў, што ўсё зьмянілася ў Чачні, што там можна спакойна жыць
Анзор не падобны да тыповага ўцекача. Коратка пастрыжаны і паголены, ён без акцэнту размаўляе па-расейску. Але чачэнскае паходжаньне, зафіксаванае ў пашпарце, не дазваляе яму атрымаць шэнгенскую візу на агульных умовах.
Амаль дзесяць год Анзор пражыў у Бэльгіі, меў там від на жыхарства. А ў 2012 годзе прыехаў пабачыцца з хворай маці.
«Я паверыў, што ўсё зьмянілася ў Чачні, што там можна спакойна жыць», — кажа Анзор.
Многія чачэнцы ў Эўропе, па ягоных словах, сапраўды думаюць, што пры Кадыравых у Чачні пачаліся добрыя часы: законапаслухмяныя людзі могуць не хвалявацца за сваю бясьпеку, усе пад абаронай закону, у краіне без праблем можна знайсьці працу.
«Неўзабаве па прыезьдзе да мяне стала наведвацца доблесная міліцыя. Я зьехаў, і тады яны сталі шукаць мяне праз сваякоў, застрашвалі іх».
Анзор, як і многія чачэнцы, баіцца распавядаць, за што яго сталі перасьледаваць. У большасьці выпадкаў людзі ўцякаюць з прычыны кроўнай помсты, — тлумачыць ён. Нехта зь іхніх сваякоў ваяваў супраць расейцаў у 1990-я, і ўлады перасьледуюць усіх па мужчынскай лініі. Могуць мучыць ажно да забойства. Зьвяртацца ў паліцыю бессэнсоўна.
Чачэнскае мінулае - толькі на тэлефоне
Калі Анзор пераехаў з Чачні, то пэўны час жыў спакойна. Але як толькі чалавек рэгіструецца па месцы жыхарства, ягоныя дадзеныя трапляюць да чачэнскіх органаў унутраных спраў. Пасьля першай праверкі маскоўскага ўчастковага Анзор сабраў усе рэчы і зьехаў з кватэры. Уцёкі ад аблаваў, пераезды паміж рознымі гарадамі Расеі, хабар участковым, каб папярэджвалі наконт праверак — гісторыя Анзора нагадвае лёс герояў Рэмарка, нямецкіх уцекачоў у 1930-я гады.
«Я даволі вопытны чалавек, навучыўся не пападацца. Але апошнім часам стала зусім жорстка. Чачэнская нацгвардыя можа працаваць у любым пункце Расеі. Цяпер мне няма дарогі назад».
Чачэнскі народ прытуліў бы і беларусаў, і палякаў, каб іх не прыгнятала ўлада
Па бясьпечнае жыцьцё ў Польшчу едуць ня толькі маладыя людзі. Ахмату летась споўнілася 60 год. Ён разьлічваў на спакойную пэнсію ў Чачні, але вымушаны быў забраць жонку ды падацца ва ўцёкі.
Яшчэ да нядаўняга часу ён мог ні пра што не хвалявацца. Ягоны сын служыў у «кадыраўцаў», а значыць, быў пад абаронай дзяржавы. Прынамсі, пытаньняў з боку ўладаў да яго не ўзьнікала.
Вакзал - месца сустрэчы ўцекачоў у Берасьці
Але з пачаткам ваеннага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны чачэнцаў сталі накіроўваць у шэрагі «добраахвотнікаў». Ахматаву сыну таксама загадалі адпраўляцца на фронт. Але ён адмовіўся. Потым гэтаксама адмовіўся ваяваць у Сырыі. Пасьля гэтага проста зьнік.
«Прайшло двое сутак пасьля ягонага дзяжурства, а ад сына няма ніякіх вестак, — кажа Ахмат. — Мы кінуліся да камандзіра, пісалі ў міліцыю, пракуратуру. Паўсюль адзін адказ — ваш сын ва ўсерасейскім вышуку».
Мала таго, што Ахмат ня мог знайсьці ніякіх сьлядоў свайго зьніклага сына — яго самога пачалі выклікаць на допыты. Паліцыя абвінавачвае Ахмата ў тым, што ён хавае свайго сына.
«Мне штодня прыходзіць позва за позвай. Двойчы я хадзіў на допыты. Але мне ўжо 60 год, няма сіл цярпець іхнія зьдзекі і абразы. На старасьці веку давялося шукаць прытулку ў Тарэспалі».
Ахмат, Анзор — ды ўсе чачэнцы скардзяцца на зьдзеклівае стаўленьне польскіх памежнікаў. Па іхніх словах, гісторыі ўцекачоў ніхто не выслухоўвае да канца, дакумэнты не праглядаюць.
«Па-скоцку да нас ставяцца, — кажа Ахмат. — Пашпарт кідаюць проста на падлогу».
Тое, што жыцьцю людзей пагражае небясьпека, у Польшчы пад увагу не прымаюць. Польскі бок тлумачыць, што лягеры для ўцекачоў запоўненыя, а таму яны не прымаюць больш людзей, чым там можа разьмясьціцца.
«Мне памежнікі кажуць наўпрост: нам пляваць на тваё жыцьцё, — абураецца Анзор. — Калі б беларусаў ці палякаў прыгнятала ўлада, мы б дапамагалі і пускалі жыць да сябе. Чачэнскі народ вельмі гасьцінны».
У Чачні няма законаў, толькі загады Рамзана Кадырава
Таксіст падвёз пасажыра, які аказаўся злачынцам. За гэта паліцыя пачынае перасьледаваць таксіста: яго абвінавачваюць у супрацоўніцтве з крымінальнікамі. І нічога не дакажаш. Калі ён хаваецца, прыходзяць да ягоных братоў і бацькоў. Дзяўчына нарадзіла пазашлюбнага сына, і родныя браты хочуць забіць яе, каб ня ганьбіла сям’ю. Даць ёй прытулак у Чачні ніхто ня можа. Стрыечны брат зьехаў у Сырыю, і ўсю ягоную сям’ю прымусова высяляюць з Чачні.
Сьвятлана Ганнушкіна
Часта гісторыі ўцекачоў гучаць ня вельмі праўдзіва. Але тое, што ў краіне сёньня поўнае беззаконьне, Свабодзе пацьвярджаюць расейскія праваабаронцы, якія працуюць з чачэнскімі ўцекачамі. Сьвятлана Ганнушкіна, старшыня камітэту "Грамадзянскае судзеяньне", кажа, што людзі тысячамі зьяжджаюць адтуль, ратуючы сваё жыцьцё.
«Гэтым гісторыям можна верыць на сто працэнтаў, — сказала Ганнушкіна Свабодзе. — Перасьледы і катаваньні — усё гэта праўда. Але самае страшнае, што людзей фізычна выганяюць і спальваюць іхнія дамы».
Абараніць свае правы ў Расеі, па словах праваабаронцы, немагчыма. Як толькі чалавек зьяжджае з Чачні і рэгіструецца ў іншым горадзе, па яго прыяжджаюць людзі Кадырава.
«У краіне адзіны закон — загад Рамзана. Гэта горш, чым дзікасьць. Бо ў дзікім грамадзтве ёсьць няпісаныя законы. У Чачні іх няма».
Калі ня браць пад увагу каўкаскі рэгіён, то Расея лічыцца адносна бясьпечнай краінай. А таму на Захадзе, куды едуць уцекачы, заўжды ўзьнікае пытаньне, чаму людзі шукаюць палітычнага прытулку.
«Мы ўжо тысячу разоў адказалі на гэтае пытаньне, — кажа Ганнушкіна. — Таму што горш, чым у Чачні, я ня ведаю, дзе можа быць. Такога бяспраўя, такога прыніжэньня я не магу ўявіць».
Я корак у бутэльцы. А маю бутэльку сьціснулі
Пра зграмаджэньне чачэнскіх уцекачоў у Берасьці ў беларускіх мэдыях пішуць толькі апошнія два гады. Аднак пік міграцыі прыпаў не на 2016 год, а на 2013. Тады з Расеі выехала 41 тысяча чалавек — пераважна чачэнцы. Ім адкрывалі візы адразу на мяжы з Польшчай, і далей яны ехалі ў Нямеччыну.
Але потым умовы ускладніліся. Згодна з Дублінскім рэглямэнтам уцекачоў павінна прымаць краіна, у якую яны ўехалі. Тады зь Нямеччыны сталі вяртаць польскіх уцекачоў, якія трапілі ў Эўразьвяз праз Польшчу. І польскія лягеры для ўцекачоў хутка запоўніліся. Таму ўлады вымушаныя былі прымаць менш сем’яў.
«Я разумею палякаў, разумею немцаў, — кажа Ганнушкіна. — Цяпер у сьвеце вялікая міграцыя з Сырыі, Емэну, Афрыкі. А Расея лічыцца адносна беспраблемнай краінай і пад увагу не бярэцца».
Аднак чачэнцы ў Берасьці назваць сябе жыхарамі беспраблемнай краіны ня могуць. Яны згодныя праходзіць праз прыніжэньне на мяжы, абы трапіць у лік сем’яў, якім дадуць прытулак у Польшчы.
«Я чакаю проста спакойнага жыцьця, — кажа Мірза, пасажыр цягніка Берасьце — Тарэспаль. — Каб мне плацілі за тое, што зарабіў, каб мая сям’я жыла не адным днём, але й бачыла заўтра. Добрае заўтра».
Беларуска-польскую мяжу праз раку Буг уцекачы праяжджаюць кожны дзень. Амаль для ўсіх гэта дарога ў два бакі
Пасьля месяцаў у чаканьні многія чачэнцы гатовыя былі б застацца жыць і працаваць у Беларусі. Праўда, пры ўмове, што будзе ўсталяваны памежны кантроль з Расеяй. Тут расказваюць пра выпадкі, калі людзей у багажніку вывозілі ў Чачню.
«Я б з прыемнасьцю жыў у Чачні, — кажа Мірза. — Але жыцьцё заплянавала іншае. Я корак у бутэльцы. Маю бутэльку сьціснулі — і я вылецеў. Бліжэйшыя пяць-шэсьць год месца ў Чачні для мяне няма».